Новости

Агульная малітва пад Покрывам Багародзіцы

Раніца 14 кастрычніка 2015 года. Лагодныя сонечныя прамяні асвятляюць купалы Кіраўскага Свята-Пакроўскага храма. У паветры — падбадзёрваючы подых лёгкай восеньскай  прахалоды, пераплецены з гаючай душу Божай ласкай і адчуваннем чагосьці вялікага і ўрачыстага. Праваслаўныя кіраўчане спяшаюцца ў храм, каб аб’яднацца ў агульнай малітве падчас прастольнага свята.

                                  

Трапяткое хваляванне перад надыходам Покрыва Прасвятой Багародзіцы на прыходзе  адчувалася ўжо напярэдадні. Як руплівая гаспадыня рыхтуе дом да сямейных урачыстасцей, наводзіць у ім чысціню і парадак, так і прыхаджане даводзілі ўсё да ладу: рамантавалі, прыбіралі, упрыгожвалі кветкамі. Тым больш, на ўрачыстасць чакалі ганаровых гасцей.

У праваслаўных, сустракаючы свята, важна — у першую чаргу, падрыхтаваць душу. Ужо падчас перадсвяточнай вячэрняй службы Свята-Пакроўская царква сабрала шмат прыхаджан. Залацістае полымя свечак, урачыстыя царкоўныя спевы, малітвы, якія ўзывашаюць і асвятляюць, ціхае і гаючае таінства споведзі, а таксама нябачная погляду, аднак недзе ў глыбіні душы адчуваемая прысутнасць Божай Маці, міласціва расцілаючай свой святы Покрыў над малітвеннікамі. Хтосьці адчуваў гэта ўсёй душой, хтосьці, магчыма, і не разумеў, што блізкі да такога пачуцця, для кагосьці — гэта першыя спробы сэрцам дакрануцца да Божай ласкі. Так ці інакш Гасподзь кожнаму дае радасць ад сустрэчы з падобнымі адчуваннямі па веры і малітве.

У дзень свята з хваляваннем і асаблівай цеплынёй веруючыя кіраўчане сустракалі епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма, які ўзначаліў святочную Божую літургію. Яму саслужылі сакратар епархіі, настаяцель Бабруйскага Іверскага храма протаіерэй Сергій Каравінскі, настаяцель Кіраўскай Свята-Пакроўскай царквы іерэй Дзімітрый Первій, настаяцель Мышкавіцкага Свято-Троіцкага храма іерэй Аляксій Замбрыжыцкі, іншае духавенства Бабруйскай епархіі.

Разам з прыхаджанамі за богаслужэннем маліліся і ганаровыя госці, сярод якіх — старшыня Кіраўскага райвыканкама Аляксандр Бутараў, яго намеснікі Аляксандр Адамаў і Галіна Слабоднікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, іншыя члены райвыканкама.

Пасля літургіі веруючыя аб’ядналіся ў хрэсны ход вакол храма. Падчас яго епіскап Серафім акрапіў святкуючых святой вадой, у кропельках якой — і Божая ласка, і міласць Багародзіцы, і радасць для душы і цела, а затым павіншаваў прыхаджан са святам.

Вучні нядзельнай школы пад кіраўніцтвам яе дырэктара Юліі Гукавай падрыхтавалі прадстаўленне лялечнага тэатра, гледачамі якога былі ў ліку іншых правячы архіерэй і старшыня райвыканкама. Вершы-віншаванні прачыталі выхаванцы Школы Праваслаўя для дзяцей “Анёльчык”, якая працуе на базе ясляў-садка №4 г.Кіраўска, а таксама рабяты з цэнтра духоўнага выхавання ліцэя №15 пад кіраўніцтвам Валянціны Грузд. Дзеткі і моладзь прападнеслі епіскапу Серафіму і Аляксандру Бутараву сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, і кветкі.

Па традыцыі, закладзенай нашымі далёкімі праваслаўнымі продкамі, падчас храмавых святаў было прынята адорваць прыхаджан пачастункамі. Данесена гэта добрая традцыя і да нашых дзён. Сястрыцтва Свята-Пакроўскага храма накрыла прама ўдвары сталы, на якіх былі і бульбачка, і салаты, і агародніна, і салодкія пачастункі. На свежым паветры, пад шчодрымі сонечнымі прамянямі прыхаджане адведвалі прыгатаванае, віншавалі адзін аднаго, дзяліліся ўражаннямі. Далучыліся да агульнай святочнай трапезы наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў РЦСАН, а таксама рабяты з Лёўкавіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падарункі ад прыхаджан у гонар свята — школьныя прылады.

Для праваслаўных кіраўчан сярод царкоўных святаў Покрыў Прасвятой Багародзіцы — адно з самых значных. У яго аснове — падзея, якая ўмацоўвае веру ў бязмежную сілу і міласць Нябёсаў. Людзі веруюць, што малітвы, узнесеныя да Божай Маці ў гэты дзень, абавязкова пачутыя. Сёлетняе свята, падчас якога Багародзіца аб’яднала ў агульную малітву і прыхаджан, і ганаровых гасцей Свята-Пакроўскага храма, пакінула шмат душэўнай цеплыні і шчырасці. Няхай Прасвятая Багародзіца і надалей пакрывае Кіраўскую зямлю ад усялякага зла Святым Сваім амафорам.

Яўгенія БЯЛЬКО.

 

 

   

ПЕРЕЙТИ К СПИСКУ НОВОСТЕЙ...