Новости

Бобруйской епархии 10 лет!

 

Дзесяцігоддзе — у кагорце сяброў

 

23 лістапада ў Бабруйскім тэатры драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча адбыўся святочны канцэрт з нагоды 10-годдзя са дня ўтварэння Бабруйска-Быхаўскай епархіі.

 

“…Дзякуй Богу за ўсё! Дзякуй Богу за ўсё!

Дзякуй Богу за смутак і за радасць…” — гэтыя радкі з песні праваслаўных паломнікаў нібы адлюстроўваюць светапогляд хрысціян. Умець выказваць удзячнасць Госпаду і за добрае, і за дрэннае, і за шчасце, і за гора — вялікі дар, якому трэба вучыцца, які варта заслужыць, і ў той жа час — вялікае шчасце, якім нас  адорвае Ўсявышні за старанні на ніве праваслаўя.

Дзякуй Богу ў наш час дзверы храмаў расчынены для кожнага. Не існуе перашкод, каб, наведаўшы царкву, ачысціць душу ад грахоў падчас таінства споведзі, прыняць Святое Прычасце, абвянчацца ці пахрысціць дзіцяці, альбо проста пагутарыць з чулымі людзьмі і разам падзякаваць Богу, парадавацца жыццю. Ведаем і памятаем, што так было не заўсёды…

Вось ужо 10 год як царкоўныя суполкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Бабруйска, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў аб’яднаны ў Бабруйска-Быхаўскую епархію. Гэта царкоўная вобласць — адна з найбольш пакутных у перыяд знішчэння рэлігіі ў былым СССР. Да 1939 года ва Ўсходняй Беларусі быў закрыты апошні праваслаўны храм — Свята-Сафійская царква г.Бабруйска. Сотні тысяч веруючых, свяшчэннаслужыцелі, манахі і манахіні загінулі. Аднак усе цяжкасці і нягоды перажыты і Царква працягвае сваё служэнне. Сёння ў саставе Бабруйска-Быхаўскай епархіі 55 прыходаў, под сотню свяшчэнняслужыцеляў, дзейнічае 21 Васкрэсная школа. Плённа працуюць епархіальныя аддзелы і камісіі па кананізацыі святых, узаемадзенні са СМІ, узброенымі сіламі, арганізацыямі адукацыі і аховы здароўя, турмамі, моладдзю і інш. На тэрыторыі епархіі дзейнічаюць Свята-Вазнясенскі Баркалабаўскі манастыр, а таксама манастыр Святых жонак-міраносіц у Бабруйску. На высокім узроўні арганізавана сацыяльнае служэнне: праводзяцца дабрачынныя акцыі, наладжваюцца сустрэчы з сіротамі, інвалідамі, адкрыты малебныя пакоі ва ўстановах аховы здароўя.

Аб гісторыі стварэння і станаўлення Бабруйскай епархіі даступна і крэатыўна было паказана падчас прэзентацыі мультыплікацыйнага фільма, створанага творчай групай з Масквы. З гэтага і пачаліся ўрачыстасці з нагоды 10-гадовага юбілею.

Немагчыма было стрымліваць пачуцці падчас выступленняў выхаванцаў Васкрэсных школ з Бабруйска, Быхава і Асіповіч, а таксама харавых калектываў храмаў і сацыяльнага аддзела епархіі. Тэматычныя песні, танцы, вершы, беласнежные касцюмы акуналі гледачоў у атмасферу душэўнай узнёсласці. Здавалася, нібы і сапраўды на зямлю спусціліся анёлы, здольныя абудзіць і адарыць радасцю душу кожнага.

Са словамі віншаванняў да правячага архіерэя — епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма звярнуліся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка і старшыня Бабруйскага гарвыканкама Андрэй Каваленка.

З нагоды юбілею актыўныя дзеячы, а таксама епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, протаіерэй Генадзь Вейга, ігуменія Раіса (Пуціліна) атрымалі ўзнагароды ад аблвыканкама.

На святочным канцэрце прысутнічалі і прыхажане Кіраўскага Свята-Пакроўскага храма, Мышкавіцкай Свята-Троіцкай царквы разам з іх настаяцелямі іерэем Дзмітрыем Первіем і іерэем Аляксіем Замбрыжыцкім. Яны, упэўнена, як і астатнія гледачы, атрымалі найвялікшы запас добрых пачуццяў і яскравых эмоцый.

У добры шлях! У другое дзесяцігоддзе, браты і сёстры!

Яўгенія БЯЛЬКО.

ПЕРЕЙТИ К СПИСКУ НОВОСТЕЙ...