Новости

На брацкай магіле ў Баравіцы асвяцілі Крыж

Духоўнасць

На брацкай магіле ў Баравіцы асвяцілі крыж

У Дзмітрыеўскую памінальную бацькоўскую суботу настаяцель Кіраўскага Свята-Пакроўскага храма іерэй Дзмітрый Первій асвяціў паклонны Крыж, нядаўна ўстаноўлены на брацкай магіле ў Баравіцы.

Гэта падзея сабрала на памятным месцы жыхароў аграгарадка, а таксама кіраўчан, сярод якіх быў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Карпук.

Сродкі на будаванне Крыжа ахвяравала праваслаўная дабрачынца Вера Яўмененка, а ўстанавілі святыню сіламі Праваслаўнага казачага брацтва Бабруйскага епархіі. Яго атаман Ігар Хадасевіч таксама прыняў удзел у чыне асвячэння.

Для населенага пункта, тэрытарыяльна аддаленага ад храма, устаноўка Крыжа стала значнай падзеяй. Некаторыя веруючыя жыхары Баравіцы раней звярталіся да свяшчэнніка з просьбай аб устаноўцы Паклоннага Крыжа. У прамове да вяскоўцаў айцец Дзмітрый адзначыў: “Крыж з’яўляецца духоўным арыенцірам. Пасля чына асвячэння ён утрымлівае ў сабе асаблівую Божую сілу. Гэтая святыня стане заступнікам усяго населенага пункта”.

Бацюшка запрыкмеціў, што важнасць адбыўшайся ў аграгарадку падзеі немагчыма перадаць словамі, гэта трэба адчуваць і ў хуткім часе ўсё больш людзей далучацца да такога светлага адчування: праходзячыя міма Крыжа — перахрысцяцца,  праязджаючыя ў аўтамабілях па трасе — успомняць пра Госпада, магчыма, памоляцца.

Сімвалічна, што чын асвячэння паклоннага Крыжа адбыўся ў Дзмітрыеўскую памінальную суботу. Як мы ведаем, Дзмітрыеўская субота ўстаноўлена вялікім князем Дзмітрыем Данскім. Пасля перамогі на Куліковым полі над Мамаем 8 верасня 1380 года ён па вяртанні з поля бою наведаў Троіца-Сергіеву лаўру. У абіцелі памянулі праваслаўных воінаў, загінуўшых падчас бітвы. З часам склалася традыцыя памінаць воінаў царкоўным чынам штогод, а да наш часін гэты дзень дайшоў такім, што разам з байцамі, паўшымі за Радзіму, мы памінаем і сваіх памершых блізкіх. Малітва за іх — гэта наша галоўная і бясцэнная дапамога ім, бо вечна жывая душа нябожчыка вельмі мае патрэбу ў пастаяннай малітве.

Айцец Дзмітрый выказаў меркаванне, што нябожчык Мікалай Галімскі, астанкі цела якога былі перазахаваны на гэтай брацкай магіле напрыканцы сёлетняга верасня, быў веруючым чалавекам. За гэта, магчыма, Гасподзь даў яму праз столькі год вярнуцца і быць пахаваным менавіта на сваёй роднай зямлі, дзе ў хуткім часе з’явіўся праваслаўны Крыж і адбылося памінавенне нябожчыкаў. Бацюшка дадаў: “Магчыма, многія з пахаваных у гэтай брацкай магіле салдат савецкай арміі і не ведалі аб існаванні Бога, што рабіць – час быў такі… Магчыма, проста не разумелі веры і яе прызначэння, але яны аддалі свае жыцці за Айчыну. У Евангеллі ёсць такія словы: “Нет больше той любви, как если кто положит душу свою за други своя (Ин. 15,13). Гэтыя воіны маглі збегчы, ухіліцца ад выканання свайго воінскага абавязку, аднак яны смела прынялі бой за Айчыну і палі смерцю храбрых. Прайшло шмат гадоў, алем мы — іх нашчадкі памятаем аб подзвігу і молімся за ўпакаенне іх душ”.

Падзея заняла паўгадзіны часу, але пакінула ў душы непамерна вялікі багаж светлыні, шчырасці і цеплыні. Людзі разыйшліся і раз’ехаліся па сваіх справах, а над паклонным Крыжом на брацкай магіле замёр белы галубок (частка скульптурнай кампазіцыі), нібы вартаўнік Нябёсаў, пасланы сюды на захаванне памяці і ўсяго жывога.

Яўгенія БЯЛЬКО.

Фота аўтара.   

ПЕРЕЙТИ К СПИСКУ НОВОСТЕЙ...