Новости

Стихи: "Посвящается Богу..."

 

Прысвячаецца Богу…

Гэтак здараецца, што калі ў жыцці чалавека надыходзіць складаны час, ён у думках сваіх звяртаецца да Ўсявышняга з просьбай дапамагчы. Калі чалавек заблытаўся ў жыццёвых абставінах, бывае, стараецца зрабіць пераацэнку каштоўнасцей, змагаецца са шматлікімі спакусамі. У такія моманты мы часта звяртаемся за дапамогай, парадай да Бога ў малітвах. А ў паэтаў іх думкі выліваюцца ў вершаваныя радкі…

 

 

Моцны Божа

Наш моцны Божа,

Прыдзі і ўзруш!

Вядзі нас, узмацні нам волю.

Вярні нас, з грэшных нашых душ

Скінь путы бруду, зла, сваволі.

Наш моцны Божа, прыміры!

З’яднай, збаві ад скону.

Каб узбагацеў наш родны край,

Дай моцы ў працы, з працы — плёну.

Хачу, каб знову ажыло,

Каб у душы ўваскрэсла кожнай

Любові вечнае святло — Тваёй любові, моцны Божа!

 

У сэрцы адзінокім

Я даўно Цябе шукаю, Божа.

Млечнаю сцяжынаю Тваёй

У няблізкі свет па бездарожжы

Усё іду на ціхі голас Твой.

Ты са мной, я да Цябе іду.

У бязмежжы, блізкі і далёкі.

Ты — Адзіны. Я Цябе знайду —

Ты павінен быць у сэрцы адзінокім.

 

Дарога да вяршыні

Дзякую Богу за ўсё, што ён даў,

Дзякую Богу за Яго непазбежнасць.

За тое, што з Боскай патрэбы ўзгадаў

З стагоддзяў мінулых сваю незалежнасць.

Дзякую шчыра Богу свайму,

Маўкліваму і неўміручаму Богу,

Што Ён аб’явіў спакушэнням вайну,

Што Ён прынясе для мяне перамогу.

Дзякую, дзякую безліч разоў!

Свайму непахіснаму, вечнаму Богу

За веліч натхнення, за процьмы часоў,

За тое, што ёсць да вяршыні дарога.

 

Замовы на ўраджай

Паслухай мяне спачатку,

Мой міласэрны Божа,

У продкаў, цяпер нашчадкаў

Бывае на сэрцы трывожна.

Чакаюць яны агнявіцу

З Тваіх непадступных нябёсаў,

Няўжо ж Табе не ўгнявіцца?

Успыхні над нашым лёсам!

Дашлі нам, Божа, маланку,

Альбо — хоць малую іскрынку,

Каб дождж малады ўкаранку

Шчаслівыя слёзы зрынуў.

Няхай жа яны дапамогуць,

Рассыпяцца золатам росаў,

Каб Ты зноў па іх, мой Божа,

Ступаць мог нагою босай…

Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

ПЕРЕЙТИ К СПИСКУ НОВОСТЕЙ...